Home

Рэклама

Наладка

Польска-нямецкі саюз на Крэсах

« Папярэдні запіс | Наступны запіс »
Лют. 28, 2009 | 01:21 pm

Дзякуй [info]poczobut за наводку на цікавы артыкул у газэце "Rzeczpospolita" пра польска-савецкую партызанцкую вайну ў перыяд 1943-1944. Пераклаў на беларускую мову, каб зрабіць даступным большаму колу чытачоў і вось выкладаю ў сябе. Выбачайце калі заўважыце якія шэрахаватасьці, бо трэ было хутка.

Арыгінальны артыкул даступны па гэтай спасылцы.

Польска-нямецкі саюз на Крэсах

Богдан Мусял 27-02-2009

Той факт, што на Усходніх Крэсах польская партызанка атрымлівала зброю ад немцаў, а нават уваходзіла з імі ў лякальныя саюзы, быў непазьбежным вынікам рэалізацыі савецкага пляну зьнішчэньня польскага незалежніцкага падпольля

У дэбаце над фільмам “Выклік” і гісторыяй аддзелу Тувье Бельскага часта ўспамінаюць пра змаганьне паміж польскімі і савецкімі партызанцкімі атрадамі ў 1943-1944 гадах на тэрыторыі былога Навагрудскага ваяводства, а таксама на Віленшчыне. Польскія гісторыкі і публіцысты сутыкаюцца тут з немалой праблемай, паколькі польскіх партызанаў падчас таго змаганьня падтрымлівалі нямецкія акупанты. Яны пастаўлялі палякам зброю і амуніцыю, адбываліся нават супольныя польска-нямецкія акцыі супраць савецкіх партызанаў. На першы погляд гэта быў безумоўны выпадак калябарацыі. Гэтае абвінавачваньне заходнія публіцысты і гісторыкі выстаўляюць ужо здаўна ў той час як польскія гісторыкі як бы хавалі галаву ў пясок.



Па загаду Сталіна

Тым часам задакумэнтаваныя выпадкі аніякім чынам не з’яўляюцца сьведчаньнем польскай калябарацыі. Яны ёсьць “пабочным прадуктам”, непазьбежным вынікам савецкай здрады і прыхаваных забойстваў, якія адбываліся на Крэсах яшчэ ў часе нямецкай акупацыі, падчас зьнішчэньня польскага незалежніцкага падпольля, і каторыя былі шэрагам чарговым савецкіх злачынстваў у дачыненьні да польскага народу. Усё гэта рабілася ня толькі з ведама, але ўпрост з загаду Сталіна. Даступныя сёньня дакумэнты з маскоўскіх архіваў не пакідаюць тут аніякіх сумнёваў.

Выбух нямецка-савецкай вайны большасьць палякаў на Крэсах, і не толькі, вітала з палёгкай, а нават з радасьцю, што перад аблічам савецкага тэрору не павінна дзівіць. Што цікава, становішча палякаў на тэрыторыі сёньняшняй заходняй Беларусі палепшылася разам з уваходам нямецкага войска. Шмат хто атрымаў нават працу ў ствараемай камунальнай адміністрацыі і лякальным гаспадарчым апараце.

Але той перыяд быў кароткі. Хутка пачаліся чысткі і перасьлед польскай інтэлігенцыі, арышты і растрэлы, вывазы на працу, падобна як і на іншых польскіх землях, акупаваных немцамі. У 1943 годзе акупанты правялі так званую польскую акцыю, падчас якой канчаткова “ачысьцілі” лякальную адміністрацыю і гаспадарчы апарат ад польскіх супрацоўнікаў. Большасьць зь іх былі забітыя і замененыя на беларускіх нацыяналістаў. У іерархіі ахвяр палякі на Крэсах займалі другое месца пасьля жыдоў.

Нямецкі тэрор у адносінах да палякаў прывёў да таго, што антысавецкія настроі досыць хутка былі выціснутыя антынямецкімі. На гэта без сумнёву мела ўплыў таксама умова паміж польскім урадам на эміграцыі ў Лондане і саветамі ў ліпені 1941 году. Тады Савецкі Саюз пераўтварыўся са сьмяротнага ворага Польшчы ў саюзніка. Ад пачатку нямецкай акупацыі на Крэсах ствараліся таксама структуры польскага падпольля.

Камэндант нямецкай паліцыі на Беларусі рапартаваў 20 лютага 1942 г.: “Пра жыдоў і палякаў можна сказаць на падставе паступаючых данясеньняў, што яны падтрымліваюць камунізм і арганізацыю партызанкі ўсімі мажлівымі спосабамі”. Падобных справаздач мноства. Што цікава, савецкія партызаны таксама падцьвярджаюць у сваіх данясеньнях з таго перыяду, што палякі дапамагалі савецкім палонным, якія зьбеглі з няволі, што навогул настроеныя не антысавецкі, але антынямецкі.

У Маскву таксама паступала інфармацыя пра першыя польскія партызанцкія атрады. Яны меліся шукаць кантакту з савецкімі партызанамі. Але былі й асьцерагаючыя галасы. Іван Цімчук, партыйны апаратчык і кіраўнік партызан у Мінскай акрузе, пісаў 26 кастрычніка 1942 Пацелеймону Панамарэнцы, шэфу Цэнтральнага Партызанцкага Штабу: “Польскія нацыяналісты праводзяць, што праўда, антынямецкую агітацыю, але тым і абмяжоўваюцца. Настроеныя антынямецкі, але не з’яўляюцца нашымі сябрамі.” Цімчук раіў па-ленінску: “Неабходна стварэньне ў заходніх акругах, побач з беларускім партызанцкім рухам таксама руху. Які па форме будзе польскі, але па сутнасьці бальшавісцкі”. Такія і падобныя данясеньні траплялі на стол да Панамарэнкі, а той перадаваў іх далей Сталіну і яго таварышам.

15 сьнежня 1942 году інфармаваў Сталіна, што польскае насельніцтва настрена па-антынямецку і хоча біцца супраць акупантаў, што малыя партызанцкія атрады ўжо выконваюць напады на нямецкую чыгунку і інстытуцыі. Палякі дапамагаюць таксама савецкім партызанам і наогул не настроеныя па-антысавецку. Некалькі дзён пазьней, 23 сьнежня, Панамарэнка прапанаваў Сталіну мемарандум пра настроі сярод палякаў у заходніх акругах Украіны і Беларусі, сярод каторых назіраецца рост антынямецкага руху, кіраванага з Варшавы, Кракава і Вільні. Эмісары Сікорскага пранікаюць на тыя тэрыторыі, арганізуючы там падпольле, ставяцца да іх, як да польскіх тэрыторый.

План Панамарэнкі

Месяц пазьней, 20 студзеня 1943 году, Панамарэнка прапанаваў Сталіну калейны мемарандум “Аб паводзінах паляках і некаторых нашых задачах”. З дакумэнту вынікае, што ў той перыяд адной з галоўных мэтаў Крамля ў адносінах да Польшчы стала максімальнае аслабленьне польскага незалежніцкага падпольля, а таксама зьнішчэньне польскага грамадства рукамі немцаў. Панамарэнка піша: “Чалавечыя рэзэрвы Польшчы трэба прызнаць як даволі салідныя. (…) У Польшчы неабходна распаліць партызанцкую вайну. Акрамя ваеннага эфекту гэта выкліча справядлівыя выдаткі насельніцтва на барацтбу з нямецкім акупантам і спрычыніцца да таго, што палякі ня здолеюць захаваць сіл у цэласьці”.

Сутнасьць была наступная: у адказ на партызанцкія акцыі нямецкія акупанты, як звычайна, прыменяць у вялікім маштабе прынцып калектыўнай адказнасьці і выканаюць злачынныя пацыфікацыі за ўсе антынямецкія выступы. Распаліць партызанцкую вайну меліся “нашы агенты”, польскія камуністы – пісаў Панамарэнка.

Створаны Панамарэнкам план был прыняты Сталінам, што вынікае са словаў і далейшых дзеяньняў самога Панамарэнкі і яго падуладных. Яшчэ перад тым, як Сталін пад канец красавіка 1943 году спыніў стасункі з польскім эміграцыйным урадам, савецкія кіраўнікік партызанкі на паўночна-усходніх Крэсах атрымалі ўжо інструкцыі з Масквы, каб змагацца з хутка развіваючымся польскім незалежніцкім падпольлям. Прыпомнім: прэтэкстам разрыву тых стасункаў стала адкрыцьцё інфармацыі пра палякаў, забітых у Катыні, а таксама жаданьне польскага ўраду выясьніць гэтую справу праз Чырвоны Крыж.
У красавіку 1943 году кіраўніцтва савецкай партызанцкай групоўкі Пінск атрымала ад агентаў інфармацыю, што ў раёне Лунінец і Ленін ствараюцца структуры польскай падпольнай арганізацыі пад кіраўніцтвам настаўніка Казлоўскага. Спецыяльны атрад групоўкі атрымаў заданьне іх ліквідацыі. Быў устаноўлены кантакт с польскімі канспіратарамі пад выглядам аднаўленьня будучай супрацы. 9 мая, падчас дамоўленага спатканьня, палякі былі падступна забітыя, разам загінула 9 чалавек. Аб гэтым “посьпеху” неадкладна паведамілі Панамарэнцы, а той адрапартаваў 21 мая Сталіну пра хаду ўсёй акцыі.

Васілю Чарнышову пад мянушкай Платон, якога Панамарэнка вызначыў у лютым 1943 году на ролю кіраўніка групоўкі Баранавічы, было ўжо ня так проста. Чарнышоў прыбыў у Налібоцкую пушчу ў красавіку 1943 году, маючы адпаведныя ўказаньні. Польскае падпольле было тут аднак ужо надта моцнае, ад пачатку 1943 году тут дзейнічала некалькі партызанцкіх атрадаў, які хутка раслі. Сам Чарнышоў перад вайной быў раённым партыйным апаратчыкам. У верасьні 1939 году браў удзел у нападзе на Польшчу ў якасьці палітрука у 87 палку НКВД, потым быў сакратаром партыі ў раёне Васілішкі (Гродненская вобласьць), у 1941 годзе дзейнічаў у партызанцкім руху, але не быў ваенным, ні тым больш сапраўдным генералам, як пра яго напісана ў літаратуры.

То ўласна Чарнышоў выдаў загад нападу на Налібокі 8 мая 1943 году, падчас якога савецкія партызаны забілі 128 жыхароў той мясцовасьці. Разьня тая не была выпадковай. 15 мая Панамарэнка перадаў Сталіну рапарт Чарнышова: “У раёнах Ліды (…) і іншых з’яўляюцца малыя, добра ўзброеныя групы палякаў. Страляюць яны ў партызанаў [савецкіх] і перасьледуюць жыхароў, якія іх падтрымліваюць. (…) Мы прынялі меры, каб гэтыя групы раззброіць і зьнішчыць. Польскаму насельніцтву паведамілі, што гэта фашысцкія агенты”. Фактычна ў тых рэгіёнах даходзіла да сутычак паміж польскімі партызанамі і рабуючымі гаспадарствы мясцовага насельніцтва савецкімі партызанамі.

Кіраўніцтва акругі АК Навагрудак пайшло тады нават на размовы з савецкімі партызанамі. Польскі бок прапанаваў супольную барацьбу з нямецкімі акупантамі, а таксама барацьбу з бандытызмам, тагачаснага бедства тых мясьцін. Падобныя размовы адбываліся на Віленшчыне, аб чым своечасова інформавалі Панамарэнку. Клімаў, сакратар акругі Вілейка, дакладваў 6 мая 1943 году Панамарэнку пра польскае падпольле на той тэрыторыі. Польскія арганізацыі шукаюць кантактаў з савецкімі партызанамі, дапамагаюць ім і прапануюць супрацоўніцтва ў барацьбе з немцамі, рапартаваў Клімаў. Аднак Крэмль у гэтым не быў зацікаўлены.

10 чэрвеня Панамарэнка прапанаваў Сталіну шыфраграму Чарнышова, у якой паведамлялася, што польскія арганізацыі на яго тэрыторыі развіваюцца і становяцца ўсё больш актыўнымі. У раёне Сталбцоў з’явіўся атрад (Кацпра) Мілашеўскага, налічваючы 300 партызанаў. Іх мэтай было змаганьне за Польшчу. Сваю шыфраграму Чарнышоў скончыў словамі: “Прашу загад пра тое, што рабіць з тымі фармацыямі”.
Чатыры дні пазьней, 14 чэрвеня, Сталін прыняў Панамарэнку ў сваім крамлёўскім кабінэце. Спатканьне, у прысутнасьці Молатава і Берыі, цягнулася амаль дзьве гадзіны. Тыдзень пазьней, 22 чэрвеня, Панамарэнка разаслаў тайна ліст да акруговых камітэтаў партыі на заходняй Беларусі, у тым ліку да Чарнышова, “аб ваенна-палітычных задачах у заходніх акругах Беларусі”. Той ліст утрымліваў ўказаньні, якія датычыліся польскага пытаньня. Панамарэнка між іншым пісаў: “У раёнах, вахопленых уплывам нашых атрадаў (…) не дапускаць дзейнасьці польскіх груп. Кіраўнікоў незаўважна ліквідаваць. Атрады распускаць, а зброю забіраць сабе, альбо, калі будзе такая магчымасьць, браць такія атрады пад свае пэўныя ўплывы”.

Зьнішчэньне атраду “Кміціца”

Два дні пазьней, 24 чэрвеня, адбылося паседжаньне Бюро ЦК КП(б) Беларусі разам з кіраўнікамі савецкага падпольля з заходніх тэрыторый Беларусі, падчас якога Панамарэнка,Э між іншым, загадаў: “Усе польскія арганізацыі і групоўкі, што паўстаюць, выкрываць і ўсякімі спосабамі падстаўляць пад удар нямецкіх акупантаў. Немцы ня будуць вагацца, каб іх растраляць, калі даведаюцца, што гэта арганізатары польскіх груповах ці іншых баявых польскіх арганізацый (…) Не абмяжоўвайце сябе ў выбары сродкаў”.

Нямецкая пацыфікацыяная акцыя “Херманн” у раёне Налібоцкай пушчы не дазволіла “Платону” зьнішчыць, як было запланавана, атрад Мілашэўскага. Чк раз наадаварот, польскія партызаны змагаліся плячом да пляча з савецкімі, церпячы цяжкія страты. Іншая сытуацыя была ў раёне возера Нарач. У сакавіку 1943 г. паручнік Антоні Бужынскі, псэўданім Кміціц, арганізаваў атрад АК ў Пастаўскім павеце. У чэрвені усталяваў кантакт з Фёдарам Маркавым, камісарам брыгады Варашылава, якая дзейнічала ў раёне возера Нарач. Было дамоўлена аб супрацоўніцтве ў барацьбе супраць немцаў, а польскі атрад разбіў лягер непадалёк ад базы брыгады Варашылава. У ліпені 1943 году атрад “Кміціца” налічваў 300 партызан. Да паловы жніўня польскія і савецкія партызаны праводзілі много супольных акцыяў супраць немцаў , а таксама літоўскіх і беларускіх калябарантаў.

“Кміціц” не здагадваўся, што Маркаў ад пачатку меў зусім іншыя намеры, а не супольную барацьбу. Яго мэтай было, як пісаў пазьней у справаздачы, увайсьці ў давер, распрацаваць агентурна і разлажыць атрад знутры праз агентаў, а таксама канчатковае пераняцьцё атраду. На пачатку жніўня Маркаў прыйшоў да высновы ад неабходнасьці зьмены тактыкі. Стварыў “свой” польска-савецкі партызанцкі атрад пад кіраўніцтвам Мрачэўскага, а атрад “Кміціца” вырашыў ліквідаваць. 16 жніўня папрасіў Панамарэнку аб дазволе на ліквідацыю, каторы пяць дзён пазьней атрымаў.

Маркаў запрасіў кіраўніцтва аддзелу “Кміціца” ў свой лягер пад выглядам абмеркаваньня далейшага супрацоўніцтва. 25 жніўня палякі на чале з “Кміціцам” з’явіліся, ні аб чым не падазраючы. Был тут жа раззброены і ўзяты ў палон. Адначасна партызаны брыгады Варашылава і брыгады Ракасоўскага атачылі польскі лягер, раззброілі каля 200 польскіх партызан і ўзялі іх у палон. Каля 100 партызанам удалося ўратавацца, у той час іх не было ў лягеры.

85 польскіх партызан былі растраляныя разам з “Кміціцам”, 80 раззброеныя і высланыя дахаты, а 70 ўключаныя ў атрад Мрачэўскага. І гэта аказалася памылкай,як рапартаваў Маркаў: “Мрачэўскі даведаўся пра растрэлы палякаў (…). Завербаваў 60 польскіх партызан і перайшоў на бок нацыяналістаў”. Рэшткі атраду”Кміціца” арганізаваў наноў ротмістр Зыгмунт Шендзеляр “Лупашка”, каторы быў высланы туды кіраўніутвам АК акругі Вільна яшчэ перад 25 жніўня. “Лупашка” са сваім атрадам тут жа распачаў змаганьне з савецкімі партызанамі, асабліва з брыгадай Варашылава. Падзеленыя на малыя групы, мабільныя і вельмі добра знаючыя тэрыторыю, наносілі ім адчувальныя страты.

Польская контратака

На пачатку лістапада 1943 году Чарнышоў прыняў новы план ліквідацыі батальёну АК Стоўбцы пад кіраўніцтвам Мілашэўскага. 15 лістапада атрымаў на гэта згоду Панамарэнкі: “Раззброіць атрад дазваляю, але асьцярожна”. Чарнышоў зрабіў паводле такой жа схемы, што і Маркаў. Запрасіў польскае кіраўніцтва батальёну на разсову, якіх шмат адбылося раней. 1 сьнежня з’явіліся на базе Чарнышова 10 польскіх афіцэраў на чале з Мілашэўскім, якія былі тут жа раззброеныя і арыштаваныя.

У той жа час астатніх партызан захапілі знянацку ў лягеры і ўзялі ў палон, як мінімум дзесяць зь іх былі забітыя. З дзесяці арыштаваных афіцэраў пяцёра былі растраляныя на мейсцу,а пяцёра былі ўзятыя самалётам вывезеныя ў Маскву. У суме 290 польскіх партызан патрапілі ў няволю, а потым былі залічаныя ў розныя савецкія атрады. Частка зь іх пазьней зьбегла (70) альбо былі забітыя падчас спробы ўцёкаў (50), шмат іншых былі забітыя скрытна стрэламі ў сьпіну.

Аднак 70 партызанаў батальёну Стоўбцы, паміж каторых быў і харунжы Нуркевіч са сваімі кавалерыстамі, здолелі пазьбегнуць такога лёсу. І гэта яны тут жа распачалі бязлітасную барацьбу з партызанамі Чарнышова. Хутка атрад значна разросся і налічваў у красавіку 1944 году каля 500 чальцоў. Яна наносілі вялікія страты савецкім партызанам, змагаліся зь імі на кожным кроку. Зыгмунт Борадын у сваёй цудоўнай і прыкладова удакумэнтаванай крыніцамі кніжцы “Нёман. Рака нязгоды” у 1999 дэталёва апісаў прычыны і хаду таго канфлікту. На жаль,яго праца была ў Польшчы да нядаўняга часу фактычна ігнараваная.

Асабліва атрад Нуркевіча “Ноч” даваўся савецкім партызанам у знакі. У сакавіку 1944 году кіраўніцтва брыгады “Жукава” скардзілася: “Банда Нуркевіча чыніць нам больш шкоды. Чым немцы”. Генадзь Будай, адзін з кіраўнікоў групоўкі Баранавічы, паведамляў пазьней: “У 1944 годзе (…) мы змагаліся амаль выключна з польскімі легіянерамі, шмат людзей імі было забіта”.

Падобна было на Віленшчыне. 1 сакавіка 1944 году брыгада “Лупашкі” разбіла савецкі атрад “Барадача”, 32 савецкіх партызаны загінулі, дзесяць было параненых, а шэсьць патрапілі ў палон. Манахаў, кіраўнік групоўкі Вілейка, рапартаваў у сакавіку: “Ня маю дастаткова сілаў, каб апанаваць раёны акругі Вілейка, які яляжаць па другі бок ракі Вілейка. Гэтыя раёны літаральна кішаць польскімі бандытамі”.

Такім вось чынам Сталін. Панамарэнка і яго партызаны развязалі на Віленшчыне і Наваградчыне крывавую польска-савецкую партызанцкую вайну, у якой не перамаглі, нягледзячы на агромную лічбавую і агнявую перавагу. На гэта паўплывала нямецкая дапамога, якую атрымалі польскія партызаны. Бо адзіным шанцам пазьбегнуць гібелі ад рук савецкіх партызанаў альбо нямецкіх сілаў было супрацоўніцтва з апошнімі. І яно мела мейсца.

Немцы пастаўлялі амуніцыю і зброю, дазвалялі лячыць параненых у шпіталях, а польскія партызаны праводзілі шматлікія ўдалыя акцыі супраць савецкіх партызанаў, які тэрарызавалі мясцовае насельніцтва. Савецкі тэрор у дачыненьні да польскага насельніцтва меў у некаторых мясцовасьцях характар наўпроставых этнічных чыстак. Адбываліся нават супольныя польска-нямецкія акцыі. Аднак такія саюзы мелі выключна тактычны, лакальны характар. Кіраўніцтва АК іх сурова забараняла. Аднак без такога лакальнаг апольска-нямецкага перамір’я а таксама актыўнага супрацоўніцтва польскія партызаны былі б асуджаныя на згубу.

Ад той крывавай партызанцкай вайны, выкліканай Сталіным і яго партызанамі, выйграў выключна нямецкі бок. Сталін жа і яго прапагандысты выкарысталі яе інструментальна для дыскрэдытацыі польскага незалежніцкага падпольля. 1 сьнежня 1943 году падчас канфэрэнцыі ў Тэгеране Сталін скардзіўся ў ходзе размовы з Рузвельтам і Чэрчылям: “Агенты польскага ўраду, якія знаходзяцца ў Польшчы, звязаныя з немцамі. Забіваюць [савецкіх] партызан. Не можаце сабе ўявіць, што яны там вырабляюць.” Тая прапаганда жыве й сёньня, таксама і ў Польшчы.
Цэтлікі: ,

Спасылка | Пракамэнтаваць | Дадаць да запамінаў | Паведаміць сябру

Comments {3}

kurt_bielarus

(бяз тэмы)

from: [info]kurt_bielarus
date: Сак. 3, 2009 08:23 am (UTC)
Спасылка

Дзякуй за пераклад!

Адказаць | Галіна

dziaciuk

(бяз тэмы)

from: [info]dziaciuk
date: Сак. 3, 2009 08:42 am (UTC)
Спасылка

Калі ласка!

Адказаць | Бацькоўскі | Галіна

(бяз тэмы)

from: [info]bahnik
date: Крс. 18, 2009 03:07 am (UTC)
Спасылка

Афігець! Проста, белыя і пушырстыя!

Няўжо больш ня здолелі ігнараваць дакуманты-факты дык прыдумалі новую казку? Спытайся _простага_ паляка, ён табе ўпэўнена адкажа, што ніводзін (!) паляк не супрацоўнічаў зь немцамі. А тут, глядзі, прызналі і супрацоўніцтва АК, і службу ў адміністрацыі... Але ва ўсім Сталін вінаваты! А палякі-анёлкі порхалі і дапамагалі мясцоваму насельніцтву.

Гэта асабліва спадабалася: "У іерархіі ахвяр палякі на Крэсах займалі другое месца пасьля жыдоў."

А пра барацьбу зь беларусамі чамусьці ня ўзгадваецца - цікава, гэта таксама Сталін дрэнны іх падштурхнуў?

За пераклад дзякуй!))

Адказаць | Галіна

Рэклама

Наладка